ВИТЕБСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФЕССИОНАЛЬНОГО СОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
04 марта 2024 года

Районный конкурс творчества «Зажги свою звезду» прошел в Ушачах

277

Раённы конкурс творчасці “Запалі сваю зорку” праводзіўся напярэдадні Першамая, і гэта было сімвалічным, бо за перамогу тут спрачаліся працоўныя калектывы. І хоць спаборнічалі арганізацыі не ў вытворчых паказчыках, а ў маштабах талентаў сваіх работнікаў, аднак цалкам пацвердзілі ісціну: той, хто ўмее ярка і змястоўна адпачываць, – і працуе “з агеньчыкам”.

Старт у конкурсе ўзялі восем каманд, а першым яго этапам былі выставы творчых работ, якія паказалі, што ва ўсіх арганізацыях ёсць цудоўныя майстры-рукадзельнікі. Вырашальным жа стала сцэнічнае майстэрства, якое канкурсанты дэманстравалі ў розных жанрах. Прадстаўнікі Ушацкай школы і дзіцячага сада №1 зрабілі стаўку на сольны вакал, раённага цэнтра дзяцей і моладзі – на прыгожую харэаграфію. Безумоўна, самым арыгінальным стаў нумар каманды ТЦСАН, якая прэзентавала калекцыю касцюмаў “Вясна-лета-2023”, актуальных для сезона агародных работ і падарожжаў за чарніцамі, – падчас дэфіле пачынаючых манекеншчыц смех у зале не змаўкаў. Яркім было і выступленне зборнай райбальніцы – прычым, ва ўсіх сэнсах: свае фірменныя прыпеўкі медработнікі аздобілі трапнымі касцюмамі, дэкарацыямі і відэаролікам. І намаганні не былі дарэмнымі: каманда атрымала прыз глядацкіх сімпатый.

У чарговы раз даказалі, што пенсійны ўзрост – самы час для актыўнасці – прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі, якія заваявалі “бронзу” конкурсу. У бой тут кінулі аксакалаў: гарманіста Уладзіміра Есіпава і майстра тэатральнай мініяцюры Людмілу Мядзведзеву. Апошняя захапіла залу трагікамічнай вершаванай гісторыяй пра няўдачлівую вясковую кабету, што трапіла ў пастку прайдзісвета-бізнесоўца. “Гэта свежы твор паэтэсы Тамары Барадзёнак, якая доўгі час супрацоўнічала з маім мужам – кампазітарам Сяргеем Мядзведзевым. Яго ўжо з намі няма, але, як бачыце, творчыя стасункі мы працягваем!” – падзялілася з намі Людміла Міхайлаўна.

А вось “срэбра” дасталася збалансаванай дружыне Арэхаўскай школы. Вакальны майстар-клас паказала ўсім Вольга Жукава, выканаўшы лірычны твор на верш Максіма Багдановіча. Не падкачала і моладзь: артыстычна прадэкламаваў байку пра ганарлівага парсюка Яўген Крывёнак. Памятаю, як 11 год таму хлопец, тады яшчэ школьнік, стаў пераможцам раённага конкурсу талентаў: у той раз ён пераўвасобіўся ў бабульку і проста парваў залу, як цяпер кажуць, стэндапам. І вось праз працяглую паўзу Жэня зноў феерыць не сцэне: хочацца бачыць яго ў канцэртах часцей. Цікава, што яшчэ адна ўдзельніца арэхаўскай каманды – Наталля Васькевіч, якая прэзентавала на выставе вышыўкі і малюнкі, калісьці была настаўніцай Яўгена ў Плінскай школе, а зараз – яго калега ў Арэхаўскай.

Але час расказаць пра пераможцаў. Імі стала творчая каманда раённай бібліятэкі. У многім на рашэнне журы паўплывала сапраўды ўражлівая выстава. “Заўважце, у ёй прадстаўлены работы не аднаго-двух майстроў, а цэлага шэрагу аўтараў, у тым ліку з сельскіх устаноў”, – падкрэсліла старшыня журы А.А.Міранкова. Узнёсла прагучаў верш у выкананні Ірыны Малак, ну а вакал дырэктара Лідзіі Шкарубы для многіх стаў адкрыццём. Як і шлягер з рэпертуару Адрыяна Чэлентана ў перакладзе на беларускую мову, які яна абрала для конкурсу.

“Мерапрыемства атрымалася, аднак хацелася б, каб у наступны раз яно было больш масавым, каб далучыліся каманды нашых буйных арганізацый: камунальнікаў, лясгасаўцаў, кааператараў, газавікоў, у якіх шмат талентаў”, – зазначыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка. Дарэчы, менавіта за сродкі аб’яднання і галіновых прафсаюзаў былі набыты каштоўныя прызы, якімі заахвочаны пераможцы конкурсу.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Наши контакты

Наш адрес

210015, Республика Беларусь, г.Витебск, Ул.Калинина, 4

vitprofkult@mail.ru

Телефоны

8 (0212) 26-29-22 (тел./факс)

Время работы

Пн-пт: 08.30 - 17.00

Сб-вс: выходной